Thumbnail

Казка пра Людмілу і Багадана,

або Адкуль пайшла паэтычная назва «Дуброўна»

На паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці знаходзіцца Дубровенскі раён. Цэнтр раёна – старажытны горад Дуброўна, які ўзгадваецца ў летапісах канца XIV стагоддзя. Зразумела, што назва горада пайшла ад векавых дубоў, што раслі тут з даўніх часоў. Пра першых жыхароў гэтых дубраў редакцыі штотыдневіка «Аргументы і факты» расказаў наш чытач.

Крывіч Багадан плыў па рацэ. Веславаць не было сіл. Ён ляжаў у чаўне з драўляным шчытом, закаваным жалезнымі палосамі. Сляды ўдараў чужых мячоў, копій, дубцоў на ім казалі пра тое, што ваяр не пазбягаў бітвы, адважна і ўмела біўся з ворагамі. Ляжаў у чаўне і кароткі жалезны меч-акінак.

Рана на галаве балела невыносна. Багадан, сабраўшы апошнія сілы, накіраваў човен да берага і ўбачыў, што наблізіўся да рэчышча невялікай рачулкі, якая сцякала ў Дняпро. На беразе стаялі дубы, адзін вышэй другога. Змяніўшы вясло на шост, Багадан паспрабаваў увайсці ў рэчку, човен наскочыў на корч, і ваяр зваліўся ў ваду.

Ачуўся ён ад дотыку да твару, пацягнуўся за мячом і пачуў ціхі дзявочы смех.

- Ляжы, ваяр. І меч твой, і шчыт цяпер табе не патрэбныя. Не падняць табе іх. Пасеклі цябе моцна. За тры дні вачэй не адкрыў. Травы ды крынічная вада супакоілі тваю рану. Цяпер будзеш жыць.

Уцёкі ад князя

Выхадзіла дзяўчына Людміла невядомага ваяра за некалькі дзён. Потым распавяла яму гісторыю свайго жыцця.

- Жыву з дзядулем. Завуць яго Бажэнам. Бацьку і маці ўзялі ў палон разбойнікі. Раней мы жылі ў паселішчы за Смаленскам, каля самага Дняпра. Але ж вельмі прагны быў князь, а яшчэ горш былі яго прыслужнікі. Зямля не народзіць, а князю плаці дань. Сабраліся мы аднойчы, селі з пажыткамі ў човен. Данесла нас рака да гэтых мясцін. Ні князя тут няма, ні яго слуг. Жывем сабе ў дубраве. Дубы нам сілу даюць. Хаваюць нас ад ліхіх вачэй. Тут яшчэ адна рэчка ёсць. Між сабой клічам яе Свінкай, бо на беразе ў чароце шмат лежняў кабаноў. А як ты сюды трапіў?

- Ішлі мы з маім князем Глебам ад самога Мурама ў Кіеў. Вестку ён атрымаў: захварэў яго бацька, што ў Кіеве княжыў. Прыбег ад брата, князя Яраслава, ганец і словы горкія паведаў.

Яраслаў сказаў: «Не хадзі, бацька памёр, а брата твайго Барыса Святаполк забіў». А яшчэ папярэдзіў, што і Глебу трэба асцерагацца, каб не наляцела на яго дружына Святаполка. Вельмі сумаваў Глеб па Барысе. Ніяк не мог паверыць, што такое мог здзейсніць іх брат Святаполк з-за валасцей, якія вылучыў ім бацька. І дарма не верыў. Людзі Святаполка дабраліся да Смядыні, дзе мы спыніліся. Падручны князя Гарасер прывёў сюды моцных, злых, як сабакі ваўчынай расы, воінаў. Пакуль мы біліся, кухар Тарчын прабраўся да князя і зарэзаў Глеба тым жа нажом, якім рэзаў тушы дзікоў і ласёў. Дасталося, як бачыш, і мне.

- Заставайся ў нашай дубраве. Наваяваўся. Звяр’я тут усялякага шмат, рыбы. Пракормішся. Ты ж з сірот?

- Здагадлівая ты. Багаданам мяне назвалі мае прыёмныя бацькі.

- Падумай сваёй бітай галавой. Можа, ты мне Богам дадзены. І я табе. Добра з табой пайсці на паляванне. Хату разам пабудуем. Вунь якія дубы нас чакаюць.

І застаўся Багадан у дубраве разам з Людмілай і яе дзедам.

Першыя пасяленцы

А потым сярод дубоў аб'явіліся хлопец і дзяўчына, якія ўцяклі з Іршы, што стаіць ніжэй на Дняпры. Тамтэйшы ваявода вока на дзяўчыну паклаў, а хлопца пагражаў у турму кінуць. Спыніліся тут і некалькі сем'яў з-пад Смаленска: іх родныя мясціны папалілі, разрабавалі стэпнякі. А смаленскі ваявода, які прысвоіў сабе ўсе лясы вакол, запатрабаваў такую плату за лес для хат, што жыць стала невыносна. У зямлянках зіму перажылі, ледзь не змерзлі.

Людзі жылі дружна, дапамагаючы адзін аднаму ва ўсіх справах. Клікалі сваё паселішча Дубравай, Дубровай, Дубровінкай, Дубраўнай. І памыляўся летапісец таго часу, які запісаў у сваёй грамаце, што ёсць недзе на Дняпры «зямля пустая дубровенская». Не былі пустымі тыя дубовыя лясы. Жылі там людзі. Ужо праз 120 гадоў у летапісе гэтае месца згадваецца як горад.

Нядоўга жылі дубровенцы вольна. Прысвоілі іх зямлю кіеўскія князі. Было Дуброўна і пад уладай вялікага князя літоўскага Казіміра. Падарыў ён Дуброўна і навакольныя яго землі смаленскаму намесніку Юрыю Глебавічу. А калі Рэч Паспалітую падзялілі, Кацярына II, таксама шчодрая душа за чужы кошт, падарыла Дуброўна каханку Пацёмкіну. Нялёгка жылося дубровенцам ва ўсе часы. Не было вайны, якая не пакінула б тут сваіх слядоў.

Стаіць гэты сціплы горад паабапал Дняпра. Як раней, бяжыць тут рэчка Свінка. Цячэ Задубровенка. Напэўна, не ў кожным горадзе так шмат вуліц з імёнамі суседніх гарадоў: Аршанская, Шклоўская, Горацкая, Віцебская... Можа, гэта яшчэ і памяць пра першых перасяленцаў, якія прыйшлі з тых краёў?

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».