Thumbnail

Сказ пра Свіслач,

альбо Як падступны Чарнабог з волатамі біўся

Раней на зямлі беларускай жылі волаты, альбо, як іх яшчэ называлі, асілкі ці тытаны. Казалі, што яны былі такімі высачэзнымі, што цяперашнія людзі не дасталі б ім і да калена. Волаты былі вельмі моцнымі, ніхто не мог адолець іх у баі.

Чытач газеты «Аргументы і факты» перадаў у рэдакцыю казку аб тым, як аднойчы волаты біліся з Чарнабогам, богам усяго зла, што ёсць на свеце.

Жыў-быў у вялікім балоце Вадзянік. Калі прыйшлі да балота людзі з розных бакоў свету, то назвалі яго Камароўскім - з-за рояў камароў, якія нават сонца маглі засланіць. У балота сцякаліся з розных бакоў рэчкі, раўчукі, вада з крынічак. У кожнай рэчцы жылі русалкі - жонкі Вадзяніка: Менка, Няміга, Пярэспа, Балачанка... Усіх і не пералічыць. І была ў Вадзяніка дачка - прыгажуня Свіслач.

Нарадзілася Свіслач у хуткай светлай рачулцы. Брала яна пачатак з халоднай крыніцы, якая выцякала з-пад зямлі. Таму Вадзянік і назваў дачку Свіслач - рэчкай, якая нараджаецца з крынічкі.

У тыя часы на самых высокіх аблоках жыў галоўны бог добрых спраў Белабог, які даў людзям святло. А падземным царствам валодаў Чарнабог, бог усякага зла. Цемра ад яго ішла на зямлю. Белабог і Чарнабог даведаліся пра прыгажосць дзяўчыны, і абодва закахаліся ў яе. Белабог і ганарлівым лебедзем віўся вакол дзяўчыны, і прыгажуном аленем прыходзіў, і залатой рыбкай выплываў. Чарнабог таксама не адставаў: начной птушкай савой прылятаў, вужакай прыпаўзаў, камяні дарагія з-пад зямлі здабываў ды дарыў Свіслачы. Але дарэмна імкнуліся яны дабіцца яе. Любіла Свіслач простага рыбалова.

Знікненне рыбалова

Чарнабог паклікаў да сябе ўсялякіх балотных нячысцікаў. Прыйшоў велізарны брудны Багнік, альбо, як яго яшчэ называлі, Балотнік. З'явіўся маленькі Лазнік, альбо Лазавік, якога за лісточкам трыснёга не адразу і ўбачыш. Падплылі Вадзяніцы - рачныя і балотныя дзяўчыны. Увесь у золаце і срэбры прыбыў вартаўнік скарбаў Кладнік. І чарцей было шмат разам з лясунамі.

- Зачаруйце для мяне зямную дзяўчыну Свіслач. Ды так, каб пакахала яна мяне назаўжды, каб забыла і бацькоў, і рыбалова, - запатрабаваў ад сваіх падданых Чарнабог.

Але ніхто з гэтых істот не мог чараваць, тым больш напускаць любоўныя чары.

- Эх вы! - раззлаваўся Чарнабог. - Дарма я вас у сваім царстве трымаю. Прыйдзецца самому брацца за справу. Пабачыце - не паспее сонца падняцца, як схаваю я рыбалова ў сваім замку. А потым з'яўлюся да Свіслачы ў яго абліччы.

У той жа вечар знік рыбалоў.

- Гэта Чарнабога праца, - сказаў Вадзянік, бацька прыгажуні Свіслачы. - Забраў ён рыбалова ў свой палац, трымае там за моцнымі замкамі. Гэта далёка адсюль, у іншым балоце. Мне ўжо адтуль паведамілі пра ўсё. Я абавязаны дапамагчы рыбалову. Толькі ў тым балоце свой Вадзянік. Мы з ім вечныя ворагі. Мне туды дарогі няма. Але я ведаю, што мы зробім. Перамагчы Чарнабога могуць толькі волаты.

Волаты прыйшлі на дапамогу

Вадзянік загадаў русалкам адшукаць і прывесці волатаў. Прыйшлі трое братоў. У кожнага ў руках - не проста па дубіне, а па велізарным дубе, вырваным з коранем. Свіслач расказала ім пра сваю бяду.

- Пакажам гэтаму падземнаму крату, дзе ракі зімуюць! Не любіць ён нас, здаўна выхваляецца, што пазбавіць нас сілы, - голас у кожнага волата быў што выбух грому.

- Не спяшайцеся, - сказаў Вадзянік. - Балота там глыбокае. Пяць дубоў пастаўце адзін на другі - і то не дастанеце да дна. А палац на самай глыбіні стаіць. Проста так да яго не падыдзеш. Вы цяжкія, і дрыгва зацягне вас, рукі-ногі скуе. Не паспееце вокам міргнуць, як Чарнабог галовы вам знясе. Трэба рэчышча пракапаць да самай Бярозы-ракі. Пацячэ па рэчышчы вада з балота, і стане суха. Выйдзе тады замак на свет. На цвёрдай зямлі вам зручней будзе біцца.

Так і зрабілі волаты. І біліся з Чарнабогам некалькі дзён. Перамаглі волаты і вызвалілі рыбалова. А Чарнабогу звязалі рукі-крылы жалезнымі путамі, загналі ў дрыгву. І будзе ён там вечна стаяць, да тае пары, пакуль людзі перастануць рабіць ліха адзін аднаму. Бо ліха можа парваць жалезныя вяроўкі і вызваліць бога цемры.

Вадзянік і Волаты святкавалі перамогу. І ніхто не заўважыў, як рыбалоў і Свіслач селі ў човен і паплылі па хуткай рачулцы. Доўга шукаў Вадзянік сваю дачку, але не знайшоў яе. Ішоў час. Людзей каля ракі стала больш. Ад аднаго чалавека да іншага, ад старэйшага да малодшага перадаваўся сказ пра Свіслач, рыбалова, пра бітву волатаў з Чарнабогам.

Чытач штотыднёвіка «АіФ» Віктар Крукоўскі напісаў для нас гэтую казку і расказаў, што калі даехаць да вёскі Шапавалы, што ў Валожынскім раёне, прайсці ад яе на паўднёвы ўсход паўтара кіламетры, то можна знайсці крынічку з халоднай вадой. Бяжыць ад яе ручаёк. Той, хто любіць і беражэ прыроду, зразумее мову крыніцы. І пазнае тады ўсю праўду аб нараджэнні тут Свіслачы, выдатнай ракі, якая стала ўпрыгожваннем славутага горада Мінска.

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».