Thumbnail

Горад князя,

альбо Адкуль пайшла назва «Браслаў»

На паўночным захадзе Беларусі знаходзіцца вядомы турыстычны цэнтр – Браслаў. Славіцца Браслаўскі край жывапіснымі краявідамі, чыстымі азёрамі і прыгожымі лясамі, якія насяляюць рэдкія звяры і птушкі.

Назва горада пайшла ад імені полацкага князя Брачыслава Ізяславіча. А як узнік горад князя, расказаў чытач выдання «Аргументы і факты».

Здарылася гэта шмат стагоддзяў таму. Ля варот Полацка паказаўся чалавек з клункам за плячыма.

- Я да князя, - сказаў ён стражнікам. - Прыйшоў ад людзей азёрнага краю, каб абаранілі.

Княжыў у Полацку ў той час Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Рагнеды.

- Як завецца твая зямля і як імя тваё? - запытаў князь вандроўніка.

- Я - Весялін. А зямля наша там, куды ты глядзіш на захад сонца. Вакол азёры і рэкі, лясы і балоты. Але цяпер бяда ў нас. Што ні дзень набягаюць людзі з Варажскага мора, з іншых блізкіх і далёкіх зямель. Усе патрабуюць даніны. Калі нічога не знаходзяць - забіраюць жанчын і дзяцей. Мяне паслалі старэйшыны - прасіць цябе, князь Брачыслаў, узяць нас пад апеку, прыняць нас. Зямля нашая дае мала хлеба. Затое рыбы ў азёрах - лавіць не пералавіць. І птушкі вадзяной і баравой шмат. Звяроў у лясах хапае. Воск і мёд не канчаюцца.

Князь нічога не адказаў пасланцу, але задумаўся. Яшчэ ягоны бацька, князь Ізяслаў, пасылаў людзей на захад ад Полацкай зямлі, каб даведацца, хто там жыве і якую выгаду можна там атрымаць, таму што Полацкаму княству стала цесна ў яго межах. З аднаго боку - Ноўгарад пад уладай князя Яраслава. Мудрым яго завуць. Родны дзядзька, а на землі пляменніка прагна пазірае. Смаленск - пад бокам. Тамтэйшы князь трымае ключы ад Волгі, Дняпра, Дзвіны. Полацку шмат чаго трэба рабіць з аглядкай на Смаленск. А ў азёрным краі ляжаць шляхі-дарогі з Варажскага мора да самога Царграда. Мытныя зборы могуць папоўніць княскую казну.

Прайшло нямала дзён, перш чым князь заклікаў Весяліна.

- Заўтра пойдзем на ладдзях па рацэ, якую мы клічам Дзвіной. А потым ты павядзеш нас па сваіх рэках і азёрах.

Вада панесла караблі хутка. За некалькі дзён дайшлі да вусця невялікай рэчкі. Тут Весялін сказаў, што гэта Друйка і па ёй можна даплыць да самай яго хаты.

Аднойчы трапілася дружыннікам група ўзброеных людзей з нарабаваным дабром. Адпусцілі толькі дваіх з наказам перадаць сваім, што з гэтага часу і на векі вякоў тут Полацкая зямля, а гаспадар яе - полацкі князь. Усіх, хто прыйдзе сюды без запрашэння, чакае смерць у бяздонных балотах.

У іншы раз схапілі два дзясяткі эстаў са зброяй, якія гналі палонных жанчын і дзяцей. Адпусцілі дваіх, загадаўшы ім несці на радзіму вестку пра полацкага князя.

Сярод вызваленых была дзяўчына з сінімі, як азёрная вада, вачыма. Раніцай князь убачыў гэтыя вочы.

- Як завуць цябе? - запытаў Брачыслаў.

- Годзіца імя маё, - не баючыся, адказала дзяўчына.

- З якога роду ты такая?

- Свой род мы вядзем ад ваяводы Крываў. Бацька мой - старэйшына ў нашым пасяленні.

Пасялілася дзяўчына ў княжым сэрцы назаўсёды. Прайшло крыху часу, і прывёз яе князь у Полацк. Стала яна княгіняй. Нарадзіла сына, будучага князя Усяслава, празванага Чарадзеем і Прарокам. Заваяваў ён Ноўгарад, быў кіеўскім князем, біўся з іншымі князямі на Нямізе. Гэта пры Усяславе пачалі будаваць у Полацку знакаміты сабор святой Сафіі.

Але гэта будзе пазней. А пакуль князь і яго дружына выганялі з азёрнага краю чужынцаў і нікога не шкадавалі.
Князя сустрэлі старэйшыны з дарункамі ў селішчы Весяліна. Князь убачыў рыб у плеценых кашах, падобных на чорных тоўстых доўгіх гадаў. Гэта былі вугры. Такой рыбы няма ні ў Ноўгарадзе, ні ў Смаленску, ні ў Кіеве.

Князю спадабалася месца. Над усім наваколлем падымалася высокая гара між двух азёр Навята і Дрывяты. І загадаў князь узвесці на гары моцны замак. Так і ўзнік горад. Назвалі яго ў гонар князя. Звалі яго і Брачыслаўль, і Браслаў - як хто мог сказаць ці напісаць. А потым устаялася назва Браслаў. І чуецца ў ёй водгук далёкай гісторыі.

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».