Адважная Смаляна,
якая не скарылася Манамаху
У старых летапісах запіс пра вёску Смаляны з'явіўся напрыканцы XV стагоддзя. Ні ў адной вёсцы Аршанскага раёна, ды і ўсёй Віцебшчыны, няма столькі архітэктурных помнікаў даўніны, колькі ў Смалянах. У свой час тут стаяў велічны замак з цэглы і камянёў з тоўстымі сценамі - больш за метр. Ён быў большы за Мірскі замак. У свой час падарваў яго Пётр I, каб не дасталася крэпасць шведам.
Кажуць, што назва вёскі пайшла ад імя дзяўчыны, што жыла ў гэтым краю. Праўда гэта ці не, ніхто не ведае. Але вось якую казку расказаў рэдакцыі «АіФ» наш чытач.
Жыў-быў на свеце Дзегаток. Так звалі смалакура, што гнаў з паленаў бярозавых і хваёвых дрэў, з смалістых карчоў дзёгаць - чорную смалу. Гандляры прыходзілі за гэтай смалой з Кіева, Смаленска, Ноўгарада, ад Варажскага мора і іншых далёкіх зямель. Ёю насычалі ветразі, мачты, днішчы вялікіх і малых чаўноў.
Плылі па Дняпры, а потым падымаліся па невялікай рэчцы да селішча, дзе жылі смалакуры. Госці па-свойму назвалі рэчку - Одраў, а паселішча, агароджанае моцнымі драўлянымі сценамі з высокімі вартавымі вежамі, - Одрскам.
Была ў Дзегатка дачка Смаляна. Пры нараджэнні ёй далі іншае імя. Але расла яна каля смалярні, дапамагала бацькам, вось і стала Смалянай.
Манамах ідзе!
Аднойчы прыбеглі па снезе ў Одрск з далёкіх паселішчаў людзі з дурной навіной.
- Воіны ідуць вялікім натоўпам, - паведамілі яны старшыні Радаславу. - Усё на сваім шляху паляць, рабуюць, каго забіваюць, каго ў палон бяруць.
Сабраў Радаслаў сваю невялікую дружыну, прызначыў ваяводаў. Жонкам і дзяўчатам, дзецям загадаў запасацца дровамі, паліць вогнішчы, кіпяціць ваду, смалу ў катлах, зносіць да сцен камяні.
Падыходзіла дружына Уладзіміра Манамаха, князя Чарнігаўскага. Пазней ён заняў Кіеўскі прастол. Манамах, набраўшы ў сваё войска полаўцаў, рушыў на Полацк. Але ў бітве панёс ад палачан нямалыя страты, раззлаваўся і пачаў разбураць усё на сваім шляху.
Одрск браму яму не адчыніў. Стала цямнець. І князь вырашыў дачакацца раніцы і тады штурмаваць крэпасць.
Калі бой скончыўся, Смаляна загадала жанчынам сабраць усіх жывых.
- Я ведаю таемны выхад у лес. Бярыце дзяцей, параненых, усіх, хто жывы, збірайцеся каля вежы, якая на раку глядзіць.
Смаляна вывела ўсіх абаронцаў Одрска.
Раніцай дружыннікі Манамаха ўварваліся ў крэпасць. Але ніхто не пакланіўся князю, не папрасіў літасці, не паднёс багатых дароў. Паўсюль ляжалі толькі забітыя.
Лютасці князя не было мяжы.
- Каб ад гэтага месца нават памяці не засталося! - закрычаў ён. - Усё спаліць і попел развеяць у паветры!
І засталіся на месцы Одрска толькі чорныя вуглі.
Дружына Смаляны
Прайшло нямала часу, перш чым Смаляна вырашыла весці людзей назад, да роднага Одрска. «Дружына Смаляны», так жартаўліва называлі сябе людзі, вярнулася на месца паселішча і нічога не знайшла: ні кала, ні двара, як кажуць.
- Будзем хаты ставіць ды буданы ладзіць. Смалярню, кавальню адчынім. Толькі жыць будзем у іншым месцы: каля другой рэчкі. А тут застануцца могілкі для ўсіх нашых.
Напрыканцы жніўня стаялі ўжо некалькі хат, у лесе дымілася смалярня. Прыбіліся да гэтага месца жыхары іншых спустошаных князем паселішчаў. Жыццё наладжвалася.
- Цяпер нашае месца Смалянамі завецца, - казалі жыхары купцам, якія прыязджалі за смалой. - І ўсім скажыце, каб плылі ў Смаляны. Одрска больш няма. А назва «Смаляны» пайшла ад нашай лекаркі Смаляны, дачкі смалакура Дзегатка і жонкі нашага старшыні - смалакура Труворы. Так і вырашылі. Рэчка завецца Дзярноўкай. Ад Дняпра па Адроўцы, а потым па ёй - да нас шлях.
Пакінулі купцы нямала патрэбных для Смалянаў тавараў узамен бочак са смалой ды паплылі ў родныя краі, несучы новую назву выгаднага для гандлю паселішча.
Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».