Казка аб зачараванай русалцы,
або Адкуль пайшла назва «Гродна»
Кажуць, што назва старажытнага города Гродна пайшла ад ракі Гараднічанкі. Але чаму так звалася рака? Адзін з чытачоў газеты “Аргументы і факты” апавёў нам казку аб зачараванай русалцы. Гэта яна дала назву рацэ, што цячэ праз абласны горад Гродна.
Аднойчы ў Купальскую ноч на беразе ракі спаткалі русалкі маладога яцвяга Рустыя. Ён паляваў ды прыглядаў месца для жылля, каб прывесці туды родзічаў. А ў русалак сваё было ў галаве. Закруцілі яны яго ў карагодзе, заказыталі... І зацягнулі б русалкі Рустыя ў глыбокую яму, але выйшла з вады галоўная русалка і спыніла страшны карагод.
Клікалі яе Гараднічанка. Трапіла яна ў празрысты падводны палац не па сваёй волі, а з-за Перуна, бога грому і маланак. Закахаўся той без памяці у дачку паляўнічага. Што ні дзень прылятаў да яе жылля. Маланкамі дубы падпальваў, громам ўсё жывое ў лесе пужаў – так ён дабіваўся дзяўчыны. Не ўхіліцца б Гарднічанцы ад рук Перуна, ды жонка яго Грамаўніца пра ўсё дазналася. І дамовілася яна з царом вады Стрыбогам. Выкраў той Гараднічанку, зачараваў, ператварыў дзяўчыну ў русалку.
Калі русалкі манілі Рустыя ў яму, спадабаўся хлопец Гараднічанцы. І ў таго сэрца адкрылася для яе. Але не быць ім разам. Моцна зачараваў дзяўчыну цар вады. На векі вечныя заставацца ёй русалкай. Толькі Стрыбог і можа зняць чары, але ён і чуць пра гэта не хоча.
Даручэнне Стрыбога
- Люба ты мне, - казаў русалцы Рустый. - Не пакіну я цябе ў бядзе. Знайду бессмяротную траву - піжму, дзевяцібратам яе яшчэ клічуць. Сілу вялікую яна мае. Рэчку тваю ў іншы бок павярну і да падводнага палаца Стрыбога дайду і адолею яго.
- Ведаю, у каго можа быць такая трава, - адказала дзяўчына.
Павяла яна хлопца да лясной паляны. Там на пяньку сядзеў Купальскі дзядок і трымаў на каленях кошык. Скрозь пруты былі бачныя агеньчыкі купальскіх кветак. Ні пра што не спытаў Купальскі дзядок, а толькі працягнуў ім папараць-кветку і растварыўся ў лясным паветры. Вырашылі Рустый і Гараднічанка, што калі кветка адкрывае зачараваныя скарбы, то яна дапаможа хлопцу адчыніць і ўсе дзверы ў палацы Стрыбога.
Так і атрымалася. Расступілася вада перад Рустыем, адчыніліся дзверы палаца.
- Адпусці дзяўчыну, цар вады, вазьмі мяне замест яе, - сказаў малады яцвяг.
І адказаў на гэта Стрыбог:
- Паслужы мне спачатку. Ідзі туды, дзе Нёман такі вузкі, што ваўкі і мядзведзі яго пераскокваюць. Чарнабог кінуў там камень. Б'ецца аб яго рака і нічога зрабіць не можа. Пазбаў раку ад гэтага каменя, дай волю вадзе і тады прыходзь за русалкай.
Ведаў Стрыбог, што аднаму чалавеку ніколі не справіцца з тым каменем, і яцвяг ужо да яго не вернецца. Ляжаў там не проста камень – быў ён вышэй за самыя высокія сосны. Два дні ішоў Рустый вакол каменя, пакуль не абышоў яго. Як зрушыць такую гару?
Стаў Рустый капаць яму пад каменем. Ці доўга капаў, ці не, зараз ніхто не ведае. Але яму выкапаў такую глыбокую, што з дна яе ў ясны дзень зоркі на небе былі бачныя. І паваліўся камень у гэтую яму. Свабодна пабегла нёманская вада. У гэтым месцы рака так і засталася вузкай, але прасторы для яе стала больш.
Вярнуўся Рустый да Стрыбога. Думаў, што той адразу ж і адпусціць Гараднічанку. А цар вады прыдумаў новую справу. Паслаў хлопца ў паўночны ад рэчкі бок да трох дубоў. Загадаў выкапаць пад імі студню:
- Капаць трэба не да першай вады, а да трэцяй, - казаў цар вады. - Першая - мёртвая, другая - ні жывая, ні мёртвая, а толькі трэцяя вада - жывая.
Ведаў Стрыбог, што не дакапацца чалавеку нават да другой вады, таму што першая заб’е яго.
Знайшоў Рустый тры дубы. А па дарозе да іх сарваў галінку бессмяротнай травы дзевяцібрата. Дакапаўся да першай, мёртвай вады. Хлынула яна з калодзежа ўніз па схіле. І ніколі б не ўбачыць маладому яцвягу каханай дзяўчыны Гараднічанкі, калі б не было ў яго чароўнай травы. Мёртвая вада апынулася нямоглай супраць яе. Затое на сваім шляху ўсё забівала, вымыла глыбокі-глыбокі роў, у якім толькі старажытныя камяні засталіся такімі ж, якімі былі раней.
Дакапаўся Рустый і да другой вады. Пацякла яна ляніва. Доўга капаў яцвяг, і, нарэшце, з'явілася жывая вада. Усё павесялела і расквітнела вакол. Пазней, калі сюды прыйшлі людзі, яны назвалі глыбокі і доўгі яр Калодзежным ровам. Цяпер гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Стомлены Рустый зноў стаў перад царом вады. Таму ж ніяк не хацелася аддаваць дзяўчыну, бо ён сам на яе вока паклаў. Выкручваецца і так і гэтак. Тады падняў над галавой Рустый папараць-кветку. Пагразіў, што вось зараз жа адчыніць скарбы цара, і ўся нячыстая сіла расцягне яго дабро да апошняй жамчужыны. Спалохаўся прагны Стрыбог. Вывеў ён русалку на бераг і зняў з яе чары. І стала яна зноў дзяўчынай з русаю касой, цёплымі рукамі і пунсовымі вуснамі.
Першае паселішча
Пасяліліся Рустый і яго жонка на высокім беразе Нёмана. Малая рэчка Гараднічанка цякла тут жа. Гандляры разнеслі па свеце і назву паселішча – Гараднічанка: ці то ад імя першай гаспадыні, ці то ад імя рэчкі.
Праходзілі тут і людзі, ахвотныя да чужога дабра. Тады Рустый разам з іншымі мужчынамі адгарадзілі сваё жыллё высокім плотам з вежамі. Не кожнаму адкрывалі цяжкія вароты. Таму і пачалі гаварыць паўсюль, што тут на варце - дужы гарадзень. З часам так і пачалі называць паселішча, а потым і горад. Засялялі Гарадзень розныя людзі. Зразумела, што ва ўсіх і мовы былі розныя. Таму ў горада розныя імёны - Гарадзень, Гародня, Горад, Гародна. Часам нават чулася - Гардас, Гардзінас, Немагардас.
І ўжо шмат гадоў выбітны горад на Нёмане носіць імя Гродна.
Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».