Thumbnail

Дзіўны горад,

альбо Адкуль пайшла назва «Мсціслаўль»

На гербе горада Мсціслаўля адлюстраваны меч. Але чаму меч стаў сімвалам горада і адкуль пайшла назва «Мсціслаўль»? Штотыднёвік «Аргументы і факты» адказвае на гэтае пытанне ў казцы аб дзіўным горадзе Мсціслаўле.

Жыў-быў ля лукавіны ракі стары Транята. Раку за яе нораў назвалі Віхрай. Была ў Траняты вялізная сям’я, якая займала зацішныя месцы на рэках Віхры, Сожы, Натопе, на іншых рэчках і азёрах. Добра жыў гэты род. Але прыйшла бяда: пабурэла лісце, з ёлак ігліца апала, пакінулі лясы звяры: прыйшла вялікая суша, і не было паратунку ад пажараў.

Сабраліся ля хаты Траняты блізкія і далёкія родзічы.

- Вось што скажу я вам, - мовіў стары. - Пасылаў я ўнукаў да прадказальніка вяшчуна, што на вялікай рацэ Сож жыве. Казаў ён, што аб’явілася ў нашых краях Дзіва красы нябачанай. І, каб не было ў яе саперніц, забірае да сябе самых прыгожых дзяўчат. На гары яна жыве, але дзе - ніхто не ведае.

Стары загадаў адшукаць яе і паслаць да яе самую прыгожую дзяўчыну, каб была блакітнавокай ды русавалосай. І каб ёй было не больш сямнаццаці вёсен. Застанецца дзяўчына да канца дзён сваіх у Дзівы.

Зашапталіся людзі. Сталі ўспамінаць, у чыёй хаце такая дзяўчына расце, хоць ведалі пра праўнучку Траняты - Свéтланку. Не было прыгажэй за яе ні ў адным паселішчы. Задумаліся людзі, а потым сказалі:

- Ты прывёў сюды нашых бацькоў і дзядоў. Памятаем пра гэта і не дарадчыкі мы табе. Не ведаем, як бы паступілі на тваім месцы.

Толькі вырашаць нічога не трэба было. Свéтланка ўсё чула і той жа ноччу пайшла з паселішча шукаць Дзіву.

Ковач Мсціслаў

- Ніхто цябе не прымушаў, ты сама вырашыла свой лёс, - сустрэла Дзіва дзяўчыну. - Таму ўжо сёння над тваім народам пральецца моцны дождж. Ажывуць лясы, палі, рэкі і азёры. Людзі будуць шчаслівыя. Але без цябе. І нават каваль Мсціслаў, якому ты прыглянулася мінулым летам, забудзе цябе.

- Радасцю за людзей напоўнілі маё сэрца твае словы, - адказала Свéтланка. – Няважна, што будзе са мною. Але ты памыляешся. Каваль Мсціслаў мяне не забудзе. Пакляўся кахаць мяне вечна перад самой багіняй Лелей.

Але Дзіва ўжо не слухала дзяўчыну. Правяла яна вакол сябе рукой, і зніклі ўсе сцяжынкі да яе гары, і самой гары не стала бачна.

Але не забыў Мсціслаў сваю каханую - адправіўся яе шукаць. Падняўся на адну гару, другую. Ні адной жывой душы не пабачыў. Толькі сэрца казала, што дзесьці побач яго Свéтланка. Тады зладзіў Мсціслаў на адной гары селішча. Прыйшлі яму на дапамогу браты. Месца спадабалася і іншым людзям, сталі будаваць хаты і яны. Азірнуцца не паспелі, як вырас сярод лесу сапраўдны замак з высокай вежай. З гэтай вежы аднойчы і ўбачыў Мсціслаў, як сярод зеляніны мільгануў белы плат, які ён падарыў некалі Светланцы. Кінуўся ён да таго месца - нікога.

Парада Ярылы

Доўга шукаў Мсціслаў сваю каханую, ажно стаміўся. Прылёг пад сасной адпачыць і заснуў. І прысніўся яму сон, быццам спусціўся па сонечнаму промню з неба сам Ярыла, бог урадлівасці і кахання. «Што ты тут разлёгся? – сказаў ён. - Ідзі і развядзі ў печы агонь. Куй жалеза тры дні і тры ночы без адпачынку і зрабі сабе вялікі меч. Закалі яго ў сцюдзёнай вадзе крыніцы, што б’е пад тваёй гарой. Здароўцам ты яго назаві. У ціхай затоцы ракі Віхры расце вадзяная лілея - адалень-трава. Гэта трава русалак. Не рэж яе, каб трава крывёю не тачыла, -  рві кветку з коранем. Натры ёю свой меч і пакладзі на сырую зямлю, каб сілы ад яе набраў. Сам кладзіся спаць на палын-траву, і ніякая нечысць да цябе не прыстане. Як прачнешся, ідзі туды, дзе плат дзяўчыны ўбачыў, тры разы стукні мячом аб зямлю - і з’явіцца Дзіва. Толькі не аслепні ад прыгажосці Дзівы, памятай пра сваю каханую».

Прачнуўся Мсціслаў і ўсё зрабіў так, як загадаў яму бог Ярыла. І, калі ўдарыў мячом па зямлі ў трэці раз, з’явілася перад ім Дзіва. Доўга яны біліся. Але не змаглі нячыстыя сілы перамагчы сілу кахання і роднай зямлі. Знямоглая Дзіва ўпала на зямлю і ператварылася ў бяскрыўдную зялёную яшчарку. Толькі яе і бачылі. А з ёю зніклі і ўсе чары. Выйшлі да Мсціслава прыгожыя дзяўчыны, палонніцы Дзівы. Наперадзе ўсіх - Свéтланка.

А меч Мсціслава знік - забраў яго з сабой Ярыла. І зараз гэты меч можна ўбачыць на гербе горада.

Дзіва знікла, але гару з тых часоў сталі называць Дзівінай, Дзявочай. А невялікае паселішча на ёй стала называцца Дзявочым мястэчкам. Іншую ж гару, дзе стаяў замак каваля, назвалі Замкавай. На ёй пасяліліся Мсціслаў і Свéтланка.
Год ад году расло селішча на гары. Усе памяталі, хто зачынаў тут жыццё. Таму і назвалі гэтае месца Мсціслававым. Шмат гадоў прайшло, і стаў называцца горад Мсціслаўлем. Стаіць дзівосны Мсціслаўль, горад старажытны, на пагорках, як Рым і Масква.

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».