Thumbnail

Адкуль назва «Лагойск»,

альбо Казка аб вавёрчыным логвішчы

Упершыню горад Лагойск, што ў Мінскай вобласці, узгадваецца ў 1078 годзе ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха. Але з’явіўся горад значна раней.

Даўным-даўно ля ракі Палаты жыў Васілька. З жалеза, дрэва, камянёў, гліны ён мог змайстраваць любую патрэбную ў гаспадарцы рэч.

Але аднойчы наляцелі з-за рэчкі нядобрыя людзі. Заняліся агнём саламяныя стрэхі хат, упалі мужчыны - абаронцы паселішча пад ударамі мячоў, пад выпушчанымі ворагамі стрэламі. Васільку ўдарылі цяжкай дубінай, узялі ў палон.

А на беразе ракі Віцьбы жыла дзяўчына Мілада - мілая багіні кахання Ладзе, так тлумачыцца яе імя. Пайшла аднойчы Мілада з сяброўкамі ў ягады, і сустрэлі яны ў лесе людзей з мячамі, сякерамі ды лукамі. Пералавілі яны дзяўчат, заштурхнулі іх у натоўп, звязаўшы валасянымі вяроўкамі. Быў сярод палонных і Васілька.

Воіны хуткім крокам пайшлі да паселішча на новыя рабаванні, а жывую здабычу пакінулі пад вартай. Васілька калісьці на камяністай дарозе падабраў чорны з белымі пражылкамі камень з вострымі бакамі. Ён ведаў яму цану. Усярэдзіне яго жыў агонь. Ударыш па камені жалезам - іскры вылятаюць і запальваюць сухую траву, бяросту. Яшчэ чорным каменем можна рэзаць дрэва, косць, іншыя камяні.

Валасяную вяроўку чорны камень перарэзаў хутка. Васілька вызваліўся сам і вызваліў усіх палонных мужчын. Разам яны перабілі варту.

- Хадзем са мной, - пазваў Васілька Міладу.

Вялес і Лада ідуць на дапамогу

Ішлі яны звярынымі сцежкамі. Раніцай знайшлі крынічку. Узрадаваліся.

- Гэта Вялес, адзін са старажытных багоў, нам падае знак, - казаў Васіль. - У другі раз дапамагае ён мне. У першы раз чорны камень мне даў у рукі, а цяпер вось прывёў да крынічкі.

Вада з крынічкі цякла вясёлым раўчуком. Хлопец і дзяўчына пайшлі за ім, і адкрылася перад імі вялікая рака.

- Вось і раку нам Вялес паказаў. Скажы мне, Мілада, ці будзеш мне жонкай?

Дзяўчына нічога не адказала. Пайшла... і зноў з'явілася перад ім у вянку з бярозавых галінак.

- Вось, Васілька, у нашых краях вянок з бярозы кажа табе, што я, дзяўчына, іду замуж за цябе. Цяпер я твая жонка, твая жанчына.

- Кунка ты мая. Кункай, куніцай завуць у нас нявесту. І няхай нам з табой Вялес і Лада дапамогуць тут жыць. Рака ёсць. Крынічка Вялесава. Я паклаў вялікую дранку ад дрэва ў адным месцы. Калі за ноч там збяруцца мурашы, значыць, добрае месца для жылля будзе. Хату пабудуем. Зраблю яе высокай, каб чорная сажа табе на галаву не сыпалася. Каменку зладзім цёплую. Камяні тут на кожным кроку ляжаць. Ладнае будзе ў нас логвішча.

Логава Васіля

Спачатку Васілька склаў будан з жэрдак і трыснёга. Паставіў яго на высокія дубовыя бярвенні, каб гады не запаўзалі і вада дажджавая не зацякала.

- Вось якое вавёрчына гняздо атрымалася. Сухое, мяккае, цёплае, - сказаў Васілька. - Пажывём у ім. Цяпер трэба за сапраўдную хату брацца, пакуль багіня лета Цётка ў сіле.

Працавалі Васілька і Мілада ад цямна да цямна. І да Жыценя - бога восені - хата была пабудаваная.

Аднойчы сышоў Васілька паляваць далёка ад дома. І ўбачыў жыллё іншых людзей. Прыслухаўся да галасоў, шмат зразумеў з размоў і галёкання дзяцей. Ён узяў кавалак мяса здабытага мядзведзя і пайшоў да людзей. Мужыкі насцярожыліся, дзеці пахаваліся. Але падарунак Васількі прыйшоўся ўсім да спадобы. За яго адразу ўзяліся жанчыны. А мужчыны разгаварыліся.

Васілька расказаў ім, што жыве там, дзе рака каленам загібае, у самай сваёй лукавіны, між гарамі:

- Там маё логвішча.

Новыя знаёмыя запомнілі назву мясціны, дзе жыве сусед: Логвішча.

Прайшло шмат гадоў. Можа, трыста, можа, і ўсе пяцьсот. Але не апусцела логвішча. Вырас тут цэлы горад. Зваўся ён у розны час Лагоскам, Лагожэскам, Логажэскім… А цяпер гэта горад Лагойск – раённы цэнтр у Мінскай вобласці.

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».