Thumbnail

Як з’явіўся Лепель,

альбо Казка аб гаспадары возера

На паўднёвым беразе Лепельскага возера стаіць старадаўні горад Лепель. Упершыню ён узгадваецца ў летапісах у 1439 годзе. Але людзі жылі ў гэтым краі яшчэ задоўга да таго. А першыя жыхары Лепеля прыйшлі з берага ракі Даўгавы, або, як у нас завецца, – Заходняй Дзвіны. Краязнаўчая казка ад штотыднёвіка «Аргументы і Факты» раскажа пра тое, як з’явіўся Лепель.

Вадзяная кветка

Жылі-былі мірна на беразе Даўгавы людзі з племені зяміголаў. Аднойчы, калі шырока разлілася іх рака, з Варажскага мора прыплылі вялікія дракары - караблі, поўныя ваяроў са зброяй. Камандаваў чужынцамі высокі рудабароды воін. Ён загадаў сабраць усіх жыхароў паселішча.

- На зваротным шляху мы ўсіх забярэм з сабой, - сказаў ён сваім воінам на невядомай мясцовым жыхарам мове. - Мужчын мы навучым трымаць зброю ў руках. Жанчыны будуць ткаць з воўны палатно для ветразяў і нараджаць нам новых воінаў ці рабоў. Вось яе, - ён выцягнуў з натоўпу пяшчотную белавалосую дзяўчыну, - я бяру сабе. Гэта першая здабыча вашага ярла Олафа. Але пакуль гэтыя людзі ні пра што не павінны здагадацца. Мы пакінем тут некалькі нашых моцных хлопцаў...

Стары Пятэрыс ведаў мову прышэльцаў. Ён зразумеў, якая бяда навісла над яго родам. Сярод адабраных рудабародым былі і яго сыны, а бялявая дзяўчына - яго дачка. Была яна пяшчотная, як кветка белага гарлачыка, тонкая, як яе сцябло, за што і празвалі дзяўчыну Лепай - паводле імя вадзяной кветкі.

Праз некалькі дзён, пасля таго як чужыя дракары адплылі, сабраў Пятэрыс сваіх суседзяў і расказаў, што задумаў рудабароды ярл.

Выбару ў людзей не было. Ім трэба было пазбавіцца прыстаўленай да іх аховы. Позна ўначы мужчыны напалі на вікінгаў. Тых чужынцаў, якія засталіся жывыя, звязалі, паклалі ў іх жа дракар, паставілі туды кошык з вяленай рыбай, паднялі ветразь і адштурхнулі карабель ад берага.

І павёў стары Пятэрыс сваіх людзей са старога паселішча у глыбіню лясоў. Доўга вёў, пакуль не прыйшлі яны да прыгожага ляснога краю.

- Тут будзем жыць, - сказаў ён стомленым людзям. - Звяроў у лясах шмат. Возера вялікае, да іншага берага не дакрычышся.

Гаспадар возера

Але не паспеў узняцца дым над першымі стрэхамі, як з ракі ў возера выплыла вялікая ладдзя. Сядзелі і стаялі ў ёй чалавек дзесяць. І сярод іх Пятэрыс убачыў рудабародага, які хацеў раней узяць у палон супляменнікаў.

- Я пазнаў цябе, стары рыбак! Цяпер ніякай літасці вам не будзе! - закрычаў ён з носа свайго карабля. - Да берага, стырнік!

І ў гэты момант на возеры паднялася вялікая хваля. Была яна вышэй лесу. А на яе вяршыні з’явіўся сапраўды нябачаны звер - пачвара. Яго вялікія вочы зло глядзелі на ладдзю і людзей у ёй. Пачвара падняла карабель, як пярынку, і вытрасла ўсіх, хто там быў. Пайшлі на дно і рудабароды, і яго спадарожнікі ў шчыльнай вопратцы, з мячамі і сякерамі.

- Я гаспадар гэтага возера, - сказала пачвара. - Завуць мяне Цмок. Мой дом у глыбіні вод, а вы жывіце тут.

Доўга глядзела пачвара на дзяўчыну з белымі валасамі, а потым, цяжка ўздыхнуўшы, знікла пад вадой.

- Добраму зверу наша падзяка! - дзяўчына з белымі валасамі ўвайшла ў ваду і пагладзіла хвалю, што набегла на бераг.

Гарлачык

Шмат часу прайшло, але людзі не забывалі Цмока. Пра яго расказвалі тым, хто прыходзіў сюды з дабром ці жаданнем пабудаваць тут свой дом. Толькі дзяўчына з белымі валасамі не знаходзіла сабе месца. Штодзень яна ўсё больш сумавала. Часта прыходзіла на бераг возера і доўга стаяла там, нібы кагосьці чакала. Але не выплываў той, каго яна пакахала з першага погляду.

І аднойчы, калі колер неба зліўся з колерам вады, дзяўчына ўзяла даўблёнку (лодку з цэлага ствала дрэва) і выграбла на самую сярэдзіну возера. Зайграла там над вадой вясёлка, і дзяўчына прапала. Больш яе ніхто не бачыў. А ў ціхіх затоках возера з'явілася кветка незвычайнай белі і чысціні.

- Белы гарлачык. Лепа па-нашаму, - вымавіла маці дзяўчыны. - Цяпер гэта возера нашай дачкі Лепы.

Так з таго часу і пайшло. Хтосьці называў возера Лепа, хтосьці Лепельскім. І гэтае паселішча таксама сталі называць Лепельскім.

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».