Thumbnail

Горад прыгожага дрэва,

альбо Адкуль пайшла назва горада Брэста

Упершыню летапісец згадаў Брэст у 1019 годзе. Маўляў, ёсць такі горад - добра ўмацаваны, вялікі, багаты, розныя князі ахвоту заваяваць яго маюць. Але ўзнік ён задоўга да першага згадвання аб ім у летапісе - за пяць-восем стагоддзяў да гэтага. Кажуць, што ў тыя часы людзі разумелі мову прыроды. Дрыгавічы раз на год былі здольныя станавіцца ваўкамі, а чараўніцы папросту ператваралі людзей у камяні, дрэвы, птушак ...

Краязнаўчая казка ад штотыднёвіка “Аргументы і факты” раскажа, адкуль пайшла назва Брэста.

Прыйшлі да вялікай ракі першыя плямёны дрыгавічоў. Здзівіліся, пабачыўшы шматлікія груды (выгібы), і далі ёй назву «Буг». І вось што здарылася на беразе Буга.

Жыла там дзяўчына Прыгожа. А на супрацьлеглым баку ракі жыў каваль. З самога дзяцінства ён дапамагаў Вялікаму кавалю, свайму бацьку. Вось і празвалі яго ласкава «Кавальчук», гэта значыць “малы каваль, чаляднік”.

Спадабалася Прыгожа Кавальчуку. Зрабіў ён лунніцы - упрыгожванне з металу ў выглядзе месяца, ды з зерню (з залатымі ці срэбнымі шарыкамі). Прыплыў у паселішча Прыгожы, расклаў перад ёю свой тавар. З тых часоў і запомніла яна каваля ...

Даведаўся пра прыгажуню падземны бог Сіціврат. Задумаў ён выкрасці яе і зацягнуць у свае ўладанні. Дачакаўся, калі дзяўчына з сяброўкамі пайшла ў грыбы, у мядзведзя ператварыўся, зароў на ўвесь лес, за Прыгожай пагнаўся. Вось-вось дагоніць, схопіць сваімі лапамі. Усё гэта бачыла чараўніца Стрыга. Моцна яна ненавідзела падземнага бога за тое, што ён яе сясцёр зацягнуў глыбока пад зямлю, і вырашыла адпомсціць Сіціврату. Ударыла яна дзяўчыну зялёнай галінкай, і ператварылася тая ў дрэўца. Бераст (вяз, ільм) – так у тутэйшых мясцінах называюць яго.

Не бачыць мядзведзь дзяўчыны ...

Вярнуліся спалоханыя сяброўкі Прыгожы ў паселішча, распавялі пра тое, што адбылося. Зашчымела сэрца ў Кавальчука. Адправіўся ён да вешчуна за парадай. Стары сказаў, што трэба дачакацца Купальскай ночы, знайсці папараць-кветку. Той, хто сарве яе ды прыцісне да сэрца, стане разумець мову звяроў, птушак, дрэў, кветак і траў. Але так будзе толькі да ўзыходу сонца. Але не сказаў чараўнік галоўнага: Прыгожы не вярнуць - Стрыга паляцела далёка.

Надышла доўгачаканая Купальская ноч. Кавальчук па лясных палянах ходзіць, папараць-кветку шукае. Знайшоў! Кветка ўжо амаль закрыла пялёсткі, але каваль паспеў сарваць яе і прыціснуць да сэрца. І здарылася дзіва! Кавальчук стаў разумець, пра што прырода размовы вядзе.

Прыйшоў Кавальчук да таго месца, дзе Мядзведзь усё разбурыў. Нешта знаёмае здалося яму ў голасе бераста. Дрэўца з бярозкай размаўляла. Пазнаў ён голас сваёй Прыгожы. Кінуўся да бераста, абдымае дрэўца, цалуе яго. Толькі Прыгожа, стаўшы дрэвам, ужо забылася пра тое, што некалі была дзяўчынай і жыла сярод людзей. Не мог Кавальчук расстацца з дрэўцам. Выкапаў яго з зямлі, ніводнага карэньчыка ня пашкодзіў. Перанёс на мыс між Бугам і ракой Мухавец. Пасадзіў на самым бачным месцы. Сцюдзёнай вадой паліваў. Кожны лісточак зберагаў. Хату побач паставіў, кавальню сюды перанёс. Берастам назваў сваё новае месца жылля.

Услед за кавалём і іншыя людзі з племені дрыгавічоў тут пасяліліся. І назва паселішча ім спадабалася, бо надта прыгожым расло дрэва.

Берастам стала дрыгавічка Прыгожа. Прыгожым стаў горад Брэст.

Зваўся горад у розныя часы Берастам, Бярэсціем, Бярэсцем, Брэстам-над-Бугам, Брэст-Літоўскам.

Дзякуем нашаму чытачу Віктару Крукоўскаму, які даслаў краязнаўчую казку ў рэдакцыю «АіФ».